Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 11)


Хай паслужацца вашыя дух i цнота зямлi, братове мае: хай будзе каштоўнасць усiх рэчаў зноў устаноўлена вамi! Дзеля гэтага павiнны вы змагацца. Дзеля гэтага - ствараць!

Спазнаючы - ачышчаецца цела; набываючы вопыт ведання, узвышаецца яно; у спазнаўца ачышчаюцца ўсе яго памкненнi; душа радуецца ў таго, хто ўзвысiўся.

Лекар, ацалi сябе сам, тады вылечыш ты i свайго хворага. Найлепшым ацаленнем яму будзе, калi ён на свае вочы ўгледзiць таго, хто сам сябе ацалiў.

Ёсць тысячы сцежак, якiмi нiхто яшчэ не хадзiў, i тысячы здароўяў i схаваных выспаў жыцця. Яшчэ не адкрытыя i не даследаваныя чалавек i яго зямля.

Чувайце i слухайце, самотнiкi! Таямнiчыя вятры веюць на крылах будучынi; i да чуйнага вуха далятае добрая вестка.

Вы, сённяшнiя самотнiкi, вы, што адлюднiлiся, вы яшчэ станеце народам: ад вас, што выбралi самi сябе, павiнен пайсцi народ выбраны, а ад яго Звышчалавек.

Сапраўды, зямля яшчэ будзе мясцiнай ацалення! I ўжо веюць вакол вас новыя пахошчы, якiя нясуць ацаленне - i новую надзею!"

3

Сказаўшы гэта, Заратустра змоўк, як чалавек, якi яшчэ не сказаў апошняга слова; доўга нерашуча пакручваў ён сваiм кiем. Нарэшце сказаў, i голас ягоны перамянiўся:

"Адзiн пайду я цяпер, вучнi мае! Iдзiце i вы, i таксама адныя! Так хачу я.

Сапраўды, я вас заклiкаю: iдзiце ад мяне i супрацiўляйцеся Заратустру! А яшчэ лепей - саромейцеся яго! Бо, можа, ён ашукваў вас.

Чалавек пазнання павiнен не толькi любiць ворагаў сваiх, але i ўмець ненавiдзець сяброў.

Благая аддзяка настаўнiку, калi вучнi ягоныя так i застаюцца вучнямi. I чаму вы не хочаце абскубцi вянок мой?

Вы шануеце мяне; што, калi раптам зруйнуецца вашая шаноўля? Пiльнуйцеся, каб слуп з iдалам не забiў вас!

Вы кажаце, што верыце ў Заратустру? Але што ў тым Заратустры? Вы вернiкi мае - але што з тых усiх вернiкаў?

Вы яшчэ не шукалi сябе - а ўжо здабылi мяне. Так бывае з усiмi вернiкамi; i таму так мала значыць любая вера.

Цяпер я заклiкаю вас пакiнуць мяне i знайсцi сябе; i толькi тады, калi вы адкiнеце мяне, я вярнуся да вас.

Сапраўды, братове мае, iначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; iншай любоўю тады любiцьму я вас.

I ў свой час вы павiнны будзеце стацца сябрамi маiмi i дзецьмi адной надзеi; тады буду я з вамi трэцi раз, каб адсвяткаваць Вялiкi Полудзень з вамi.

Вялiкi Полудзень - гэта калi чалавек на паўдарозе ад жывёлы да Звышчалавека святкуе пачатак свайго вечара як сваю найвышэйшую надзею; бо гэта ёсць дарога да новай ранiцы.

I тады дабрасловiць сябе той, хто гiне, хто iдзе дарогай захаду, бо так пераходзiць ён да таго, што па той бок; i сонца яго пазнання будзе ў зенiце.

"Памерлi ўсе багi; сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек", - хай гэта будзе ў Вялiкi Полудзень наша апошняя воля!.."

Так сказаў Заратустра.

ДРУГАЯ ЧАСТКА

"...i толькi тады, калi вы адкiнеце мяне, я вярнуся да вас. Сапраўды, братове мае, iначай шукацьмуць вас, страчаных мною, мае вочы; iншай любоўю тады любiцьму я вас".

Заратустра. Пра цноту, якая адорвае

Дзiця з люстэркам

Пасля гэтага Заратустра зноў адышоў у горы, у самотнасць пячоры сваёй, у адлюдненасць: так чакае сейбiт, пасеяўшы сваё насенне. А яго душа была ўся ў нецярплiвасцi i палкай тузе па тых, каго ён палюбiў, бо шмат чаго яшчэ было ў яго, каб даць iм. А гэта цяжэй за ўсё: з любовi пацiскаць адкрытую руку i, адараючы, захоўваць сарамлiвасць.

Так праходзiлi ў самотнiка месяцы i гады; а мудрасць яго ўсё расла i прыносiла яму пакуты ад сваёй поўнiцы.

Аднойчы ён прачнуўся на досвiтку, доўга нешта ўспамiнаў, седзячы на ложку, i нарэшце так сказаў свайму сэрцу:

"Што ж так напалохала мяне ў сне, што я аж прачнуўся? Цi не падышло да мяне дзiця з люстэркам?

"Заратустра, - сказала дзiця мне, - зiрнi на сябе ў люстэрку!"

Але паглядзеўшы ў люстэрка, я ўскрыкнуў, i сэрца маё скаланулася: не сябе я пабачыў у iм, а д'ябальскую морду i з'едлiвы смех.

Сапраўды, я ясна разумею азнаку майго сну i перасцярогу: маё вучэнне ў небяспецы, жыцiца хоча звацца жытам!

Мае ворагi ўмацавалiся i знявечылi вобраз майго вучэння, так што мае любасныя вучнi пасаромелiся дарункаў, якiя iм даў я.

Я страцiў сяброў сваiх; настала часiна шукаць, каго я страцiў".

З гэтымi словамi Заратустра ўскочыў, але не так, як, задыхаючыся, ускокваюць у страху, а як прарок i спявак, калi ён ахоплены натхненнем. Са здзiўленнем глядзелi на яго арол i змяя, бо, як ранiшняя зара, на яго твары заззяла будучае шчасце.

"Што са мной сталася, звяры мае? - сказаў Заратустра. - Цi не перамянiўся я? Цi не наведала мяне, як подых буры, шчасце?

Неразумнае шчасце маё, i неразумнае ўсё, што пачне выказваць яно: занадта яшчэ маладое маё шчасце - будзьце ж паблажлiвыя да яго.

Я паранены сваiм шчасцем: усе пакутнiкi няхай стануць маiмi гаiцелямi!

Зноў я змагу сысцi да сваiх сяброў, а таксама i да ворагаў! Заратустра зноў будзе гаварыць, i дарыць, i тварыць любоў любасным!

Мая нецярплiвая любоў патокамi вылiваецца з вышыняў у далiну, да ўзыходжання i падзення. З маўклiвых гор i з навальнiчных хмар болю бурлiва ападае яна ўнiз, у далiны.

Занадта доўга сумаваў я, гледзячы ўдалечыню. Занадта доўга належаў адлюдненасцi: так я развучыўся маўчаць.

Я ўвесь зрабiўся вуснамi i цурчаннем ручая, якi бяжыць з высокiх скал: у далiну хачу я скiнуць казань сваю.

I хай паток маёй любовi спадае ў бездараж! Бо як жа

патоку не знайсцi дарогi да мора!

Праўда, ёсць ува мне возера, пустэльнае i самадастатковае; але паток маёй любовi i яго парывае ўнiз - да мора!

Новымi дарогамi iду я, новыя казанi нараджаюцца ўва мне; як i кожны, хто стварае, стамiўся я ад старых слоў. Не хоча мой дух больш хадзiць на стаптаных падэшвах.

Занадта павольна цячэ для мяне любая казань: на тваю каляснiцу ўскокваю я, о бура! Але i цябе яшчэ буду бiчаваць маёй лютасцю!

Нiбы крык i воклiч радасцi, прамчуся я па марскiх прасторах, пакуль не знайду тых шчасных выспаў, дзе жывуць мае сябры!..

I ворагi мае сярод iх! Як я люблю цяпер кожнага, з кiм магу гутарыць! I ворагаў маiх - iх таксама прымае шчаснасць мая.

I калi я ўскокваю на сама наравiстага свайго каня, мой найлепшы памочнiк дзiда: яна - сама надзейная служка мая.

Дзiда, якую я кiдаю ў сваiх ворагаў! Як я iм удзячны, што магу нарэшце кiнуць дзiду!

Вялiкае было напружанне маёй хмары: пад грамовы рогат маланак я асыплю градам далiны.

Магутна захвалююцца мае грудзi, грознай бураю праляцiць па гарах iх подых: так прыйдзе палёгка сэрцу.

Сапраўды, як бура, iдзе маё шчасце i свабода! А ворагi няхай думаюць, што нехта лiхi лютуе над iх галовамi.

I нават вы, сяброве мае, збаiцеся маёй неацуглянай мудрасцi; i, магчыма, уцечаце, з маiмi ворагамi.

О, калi б я мог пастушынай жалейкаю адклiкаць вас назад! О, калi б мая мудрасць-iльвiца навучылася рыкаць пяшчотна! А мы ж разам ужо шмат чаго навучылiся!

У бязлюдных гарах зачала мая дзiкая мудрасць; на жорсткiх камянях нарадзiла яна сваё сама малое дзiця.

Цяпер, як шалёная, носiцца яна па пустынi i ўсё шукае мяккага дзёрну - мая старая дзiкая мудрасць!

На мяккае дзярно вашых сэрцаў, сяброве мае! - на любоў вашых сэрцаў яна прагне пакласцi сваё любаснае дзiця!"

Так сказаў Заратустра.

На шчасных выспах

Смоквы падаюць з дрэў сакавiтыя i салодкiя; i пакуль яны падаюць, лопаецца iх чырвоная скурка.

Паўночны вецер я спелым смоквам.

Дык вось, як i смоквы, дастаюцца нам гэтыя павучаннi, сяброве мае: дык пiце з iх сок i ежце iх салодкую плоць! Восень навокал, i яснае неба, i дзень на ўшчэрбе.

Паглядзiце, якая багацiна вакол нас! I як хораша глядзець з гэтага багацця ў далячынi марскiя!

Калiсьцi казалi "Бог", гледзячы ў марскую далеч; а сёння я вучу вас казаць "Звышчалавек".

Бог - гэта нейкая здагадка; але я не хачу, каб ваша здагадка сягала далей за вашу творчую волю.

Цi маглi б вы стварыць Бога? - Дык памаўчыце мне лепей пра ўсiх багоў! А Звышчалавека стварыць вы маглi б.

Можа, нават не вы самыя, братове мае! Але перарабiць сябе ў бацькоў i продкаў Звышчалавека можаце, - гэта быў бы ваш сама лепшы твор?..

Бог - гэта здагадка; але я хачу, каб ваша меранне было ў гранiцах памыснага.

Маглi б вы змыслiць Бога? - Але воля да iсцiны азначала б вам, што ўсё павiнна пераўтварыцца ў па-чалавечы памыснае, па-чалавечы бачнае i па-чалавечы адчувальнае! Вашы ўласныя пачуццi павiнны вы прадумаць да канца!

I тое, што называеце вы светам, павiнна быць спачатку створана вамi: ваш розум, ваша ўяўленне, ваша воля, ваша любоў павiнны зрабiцца светам! I сапраўды, для вашай шчаснасцi, о спазнаўцы!

I як бы вы пераносiлi жыццё без гэтай надзеi, вы, спазнаўцы? Нельга вам зраднiцца нi з неспасцiгальным, нi з неразумным.

Але адкрыю вам цалкам сваё сэрца, сяброве мае: калi б багi iснавалi, як бы я вытрываў, што я не Бог! Значыцца, нiякiх багоў няма.

Вось такую выснову зрабiў я; i цяпер яна мяне вабiць...

Бог - гэта здагадка; але хто выпiў бы ўсю пакуту гэтай здагадкi i не памёр бы? Няўжо трэба адабраць веру ў таго, хто творыць яе, забаранiць арлу лунаць у арлiных вышынях?

Бог - гэта думка, якая ўсё простае робiць крывым i ўсё, што стаiць - каб круцiлася. Як? Значыцца, i сам час адкiнуць, i ўсё, што мiнушчае, лiчыць маною?

Думаць такое - гэта вiхура i крутня касцей чалавечых i ванiты страўнiка: сапраўды хваробай крутнi я называю такiя загадкi.

Пахiбным i варожым чалавеку я называю гэта вучэнне пра адзiнае, i цэльнае, i нерухомае, I сытае, i нязбытнае!

Усё нязбытнае - гэта толькi сiмвал! А паэты занадта многа iлгуць...

А пра час i станаўленне павiнны гаварыць сама высокiя сiмвалы: яны павiнны хвалiць усё збытнае i быць апраўданнем яму!

Стварэнне - гэта найбольшае збавенне ад цярпенняў i палёгка жыцця. Але каб явiўся стваральнiк, патрэбныя цярпеннi, i многае ў жыццi павiнна перамянiцца.

Так, шмат горычы памiрання павiнна быць у вашым жыццi, стваральнiкi! Так рабiцеся заступнiкамi збытнага i нясiце апраўданне яму.

Каб сам стваральнiк зрабiўся дзiцём, якое толькi што нарадзiлася, яму трэба зрабiцца парадзiхай i перацерпець пакуты яе.

Праўду кажу вам, праз сотнi душ прайшоў я дарогай сваёй, праз сотнi калысак i радзiльных патугаў. Колькi разоў расставаўся я i ведаю апошнiя гадзiны родавых енкаў.

Але так ужо хоча мая стваральная воля, мой лёс. Альбо, слушней будзе сказаць, менавiта такога лёсу хоча мая воля!



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать