Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 24)


I калi яны, гэтыя маленькiя людзi, гавораць тоўстым голасам, я чую ў iх голасе толькi хрыпласць, бо любы продзiмень робiць iх хрыплымi.

Яны кемлiвыя, i ў цнотаў хiтрыя пальцы. Але iм не хапае кулакоў - пальцы ў iх не ўмеюць сцiскацца ў кулак.

Цнотаю яны лiчаць тое, што робiць сцiплым i плохiм: так яны ператварылi ваўка ў сабаку, а людзей - у найлепшую хатнюю жывёлiну - чалавека.

"Пасярэдзiне мы паставiлi сваё крэсла, - так кажа мне iхняя ўсмешка, аднолькава далёка як ад памiраючых гладыятараў, так i ад задаволеных свiней".

Але гэта - пасрэднасць: хоць i называюць яе сцiпласцю.

3

Я хаджу сярод людзей i кiдаю слова-другое: яны ўжо не ўмеюць нi падняць, нi захаваць iх.

Яны здзiўляюцца, што я прыйшоў не выкрываць iх распусту i заганы; i праўда ж, не на тое прыйшоў я, каб асланяць ад дробных зладзюжак!

Яны здзiўляюцца, што не змыслены я вастрыць i выменчваць iхнюю мудрасць: нiбыта мала ў iх навостраных мудрацоў, чые галасы адгукаюцца ўва мне, як рыпенне грыфеля па аспiднай таблiцы.

I калi я заклiкаю: "Клянiце ўсiх баязлiвых дэманаў у вас, якiя любяць скуглу сваю, - пабожна складваць далонi i ўзносiць малiтвы", - яны кажуць абурана: "Заратустра - бязбожнiк".

I надта ж галаслiва лямантуюць iхнiя прапаведнiкi ўпакорвання - але якраз жа мне i падабаецца крычаць у гэтыя вушы: "Праўда! Заратустра - бязбожнiк".

Гэтыя настаўнiкi ўпакорвання! Усюды, дзе ёсць нiкчэмства, хвароба, струпы, поўзаюць яны, як вошы: i толькi агiда не дае мне душыць iх.

Ну што ж! Вось мая казань у iхнiя вушы: "Я Заратустра, бязбожнiк, якi пытаецца: "Хто бязбожнейшы за мяне, каб я парадаваўся ягонай навуцы?"

Я - Заратустра, бязбожнiк: усё Выпадковае вару ў сваiм катле. I толькi калi яно ўварыцца, я вiтаю яго, як сваю ежу.

I праўда, часта выпадак загадна наблiжаецца да мяне: але яшчэ больш загадна звярталася да яго мая воля - i адразу ён падаў на каленi; - благаючы, каб я сардэчна прыняў яго i даў прытулак, i лiслiва ўмаўляў: "Паглядзi, Заратустра, так толькi сябар падыходзiць да сябра!"

Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тады я буду заклiкаць усе вятры.

Вы ўсе драбнееце, маленькiя людзi! Вы ўсе мiзарнееце i крышыцеся, вы, аматары камфорту! Вы яшчэ загiнеце, - праз многiя нiкчэмныя дабрадзействы, праз дробныя грахi, праз нiкчэмную вашу ўпакоранасць!

Занадта шмат мiлажалю, занадта шмат саступлiвасцi - вось ваша глеба. Але каб дрэва вырасла вялiкае, яму трэба пусцiць магутныя каранi ў цвёрдай скале!

Нават тое, што вы ўпускаеце, дапамагае ствараць тканiну будучынi ўсяго чалавецтва, нават вашае Нiчога - толькi павуцiна i павук, якi жыве крывёю будучага.

I калi вы бераце, вы быццам крадзеце, вы, маленькiя праведнiкi; але нават у шэльмаў ёсць свой гонар: "Крадзь толькi тады, калi нельга адабраць сiлаю!"

"Гэта даецца" - вось яшчэ адна запаведзь упакоранасцi. Я ж кажу вам, вы, самазадаволеныя: бярэцца i яшчэ болей будзе брацца ад вас!

О, калi б вы стрэслi з сябе ўсякае ваша паўляжанне i сталi рашучыя як у дзеяннi, так i ў бяздзеяннi!

О, калi б вы зразумелi маё слова: "Заўсёды рабiце тое, чаго хоча ваша воля, але спачатку станьце тымi, хто можа хацець!

Любiце i блiзкiх сваiх, як самiх сябе, - але раней станьце тымi, хто любiць самога сябе.

Любiць вялiкай любоўю, любiць вялiкай пагардай!" - так кажа Заратустра, бязбожнiк.

Але навошта я гавару там, дзе нiхто не слухае маiм слыхам! Тут мне яшчэ рана прамаўляць.

Я сам - мой папярэднiк сярод гэтых людзей, - пеўнеў крык на яшчэ цёмных вулiцах.

Але iхняя гадзiна падыходзiць! I мая - таксама! З кожнай гадзiнай яны драбнеюць, бляднеюць, робяцца бясплоднымi - чэзлая зелянiна! бедная глеба!

Праўда, неўзабаве станеце вы перад мною засохлаю травою, стэпам неўрадлiвым, стомленыя ад самiх сябе, асмяглыя, - але, бадай, сасмяглыя больш ад агню, чым без вады!

О, шчырахвальная гадзiна маланкi! О таямнiца надпалуднёвай гадзiны! Калi-небудзь я абярну вас у лёткае полымя, i вы будзеце вешчаваць вогненнымi языкамi - языкамi полымя пачняце вы звеставаць: "Ён настае, ён блiзкi, Вялiкi Полудзень!"

Так сказаў Заратустра.

На Елеонскай гары

"Зiма, госця лiхая, сядзiць у маiм доме; пасiнелi мае рукi ад яе прыяцельскага поцiску.

Я паважаю яе, гэтую лiхую госцю, але ахвотна пакiдаю адну. Я люблю ўцякаць ад яе, i калi бегчы борзда, можна ўцячы.

Борздымi нагамi, з палкiмi думкамi я бягу туды, дзе ацiхае вецер, - у асветлены сонцам закутак маёй гары Елеонскай.

Там я смяюся з суровай госцi, але я ёй заўдзячваю тое, што яна ў мяне ловiць мух i суцiшае шум.

Песнi нават аднаго камара яна не хоча слухаць, тым болей двух; яна спусташае вулiцу, аж нават месяц баiцца заглянуць туды ўначы.

Яна суровая госця, але я шаную яе i не малюся, як якi пестунец, пузатаму богу агню.

Лепей крыху паляскатаць зубамi, чым пакланяцца iдалам! - такi ў мяне характар. I асаблiва я не люблю ўсiх агнявых iдалаў - распаленых, дымных, задушлiвых.

Каго люблю, таго гарачэй люблю ўзiмку, чым летам; злей i весялей смяюся са сваiх ворагаў, калi зiма прыходзiць у мой дом.

Праўда, я шчыра смяюся нават тады, калi запаўзаю ў пасцель: тады смяецца i гарэзуе маё схаванае шчасце; смяецца i падманлiвы мой сон.

Я - плазун? Нiколi ў жыццi не слаўся плазам перад уладарамi; а калi i хлусiў, дык хлусiў толькi з любовi. Вось чаму я вясёлы нават у зiмовым ложку.

Просты ложак грэе

мяне лепей за пышны, бо я раўнiвы да гароты сваёй. I зiмою яна верная мне.

Злосным выпадам пачынаю я кожны дзень i смяюся з зiмы халоднаю ваннаю: мая строгая госця толькi бурчыць.

Я люблю паказытаць яе васковаю свечкаю: каб яна, нарэшце, выпусцiла неба, мудрае, быццам старац з сiвою галавою, маўклiвае зiмовае неба, што часта маўчыць нават пра сваё сонца!

Цi не ў яго я навучыўся светла маўчаць? Або, можа, яно навучылася ў мяне? Або ж мо кожны з нас сам сабе адкрыў яго?

Шматграннае i складанае паходжанне ўсiх добрых рэчаў - усе добрыя, бадзёрыя рэчы апантана скачуць у жыццё: няўжо iснаваць iм толькi адзiн раз?

Доўгае маўчанне - таксама неблагая, бадзёрая рэч: маўчаць i, як зiмовае неба, шырока расплюшчанымi вачмi на ясным, светлым твары, доўга глядзець; падобна зiмоваму небу хаваць сваё сонца i сваю непахiсную сонечную волю: праўда ж, добра вывучаў я гэта мастацтва i гэтую зiмовую бадзёрасць!

Маё майстэрства i светлая нянавiсць у тым, што маё маўчанне навучылася не выдаваць сябе маўчаннем.

Ператрасаючы словы i гульнёвыя касцi, мне няраз удавалася перахiтрыць тых, хто поўны ўрачыстага чакання, перахiтрыць так, каб вымкнулiся з-пад увагi гэтых прыглядчыкаў мае воля i мэта.

Каб нiхто не бачыў асновы i апошняй маёй волi, - на тое i вынайшаў я доўгае светлае маўчанне.

Шмат разумных людзей знайшоў я: яны хавалi свой твар i каламуцiлi ваду, каб нiхто нiчога не бачыў у iх i скрозь iх.

Але якраз да iх i прыходзiлi найразумнейшыя i недаверлiвыя, майстры лускаць усякiя арэхi: менавiта з iх i вылоўлiвалi сама асцярожную рыбку!

Але светлыя розумам, бадзёрыя i празрыстыя - сама мудрыя маўклiўцы: такая глыбокая аснова ў iх, што нават сама празрыстая вада не выдае iх дна.

Ты, снежнабародае маўклiвае зiмовае неба, ты, сiвы дзед, якi з подзiвам глядзiць на мяне са сваёй вышынi! Ты, нябесны сiмвал маёй душы i яе дзёрзкасцi!

I хiба мне не трэба хавацца, як таму, хто праглынуў золата, каб не раскроiлi мне душу?

I цi ж абыдуся без хадуляў, каб не заўважылi маiх доўгiх ног усе гэтыя зайздроснiкi i ненавiснiкi навокал мяне?

Гэтыя закурэлыя, задушлiвыя, зношаныя, выцвiлыя, змаркочаныя душы - хiба можа iх зайздрасць стрываць маё шчасце?

Таму i паказваю я iм толькi зiму i лёд на вяршынях маiх i не, - што мая гара акружана ўсiмi паясамi сонца!

Яны чуюць толькi сковыт маiх зiмовых бураў: i не - як я лётаю над паўднёвымi морамi, якiя яны палкiя, цяжкiя, скварныя - паўднёвыя вятры.

Праўда, яны сужальваюцца з маiх нягодаў i выпадковасцяў; але такое маё слова: "Дапусцiце ўсе выпадковасцi да мяне, невiнаватыя яны, быццам малыя дзецi!"

Цi ж бы вытрывалi яны маё шчасце, калi б не схаваў я яго пад няшчасцямi i зiмовай сцюжай, пад шапкамi з шкураў белых мядзведзяў, пад покрывам снежных нябёсаў!

- калi б я сам не ўмiлажалiўся са спагады iхняй - мiлажалем гэтых змрочных зайздроснiкаў!

- калi б я не ўздыхаў i не дрыжаў перад iмi ад холаду, цярплiва дазваляючы ахутваць сябе спагадай!

I ў тым дзёрзкасць i добрая воля маёй душы, што не хавае яна зiмы i сваiх снежных бураў; але не хавае i сваiх памарожанняў.

У аднаго адзiнота - гэта ўцёкi хворага, а ў другога - уцёкi ад хворых.

Няхай чуе, як я дрыжу i ўздыхаю ад зiмовай сцюжы, гэты зброд, якi недаверлiва касавурыцца, абступiўшы мяне! Задыхаючыся i з дрыжыкамi ўцякаў я з iх напаленых пакояў.

Няхай уздыхаюць яны i шкадуюць мяне, што маё цела абмарожана: "Хоць бы ён не скалеў на лёдзе пазнання!" - перажываюць яны.

Я ж бегаю па гары Елеонскай на бадзёрых нагах: у сонечным закутку сваёй гары я спяваю i смяюся з усякай спагады".

Так спяваў Заратустра.

Пра мiнанне

I вось, без спеху, мiнаючы многiя гарады i многiя народы, абочнымi дарогамi вяртаўся Заратустра ў свае горы, у сваю пячору. I вось - нечакана ён апынуўся каля брамы вялiкага горада; але тут, раскiнуўшы рукi, да яго кiнуўся апантаны блазен i заступiў дарогу. Гэта быў той самы юрод, якога люд назваў "Малпаю Заратустры", бо ён пераняў з яго казаняў сякiя-такiя спохваткi i фразы i, здаралася, прысвойваў сабе сёе-тое са скарбнiцы ягонай мудрасцi. I звярнуўся блазен да Заратустры з такiмi словамi:

"О Заратустра, тут - вялiкi горад; тут няма чаго табе шукаць, а страцiць ты можаш усё.

Навошта табе мясiць гэты бруд? Пашкадуй сваiх ног! Лепей плюнь на гэтую браму i вярнiся назад!

Тут пекла думкам адлюднiка: усякiя думкi варацца тут жыўцом i, зварыўшыся, драбнеюць.

Тлеюць тут усе вялiкiя пачуццi, затое брынчаць высахлыя i нiкчэмныя!

Хiба не чуеш ты паху разнiцы i кухняў духу? Хiба не чуеш, як смурод забiтага духу ўзносiцца над гэтым горадам?

Хiба не бачыш, што душы тут, як мятыя, брудныя анучы? А яны робяць з гэтых анучаў газеты!

А ў што ператварыўся тут дух? - Ва ўменне каламбурыць! Агiдныя слоўныя памыi вырыгае ён: з гэтых памыяў i робяцца газеты.

Яны гоняць адно аднаго i не ведаюць куды. Яны распальваюць адно аднаго i не ведаюць, навошта. Яны грукочуць сваёю бляхаю i брынчаць сваiм золатам.



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать