Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 26)


Адно - пакiнутасць, другое - адлюдненасць: гэтаму ты навучыўся цяпер! I таму, што сярод людзей ты заўсёды будзеш iм чужы i дзiкi:

- нават калi яны любiцьмуць цябе: бо яны найперш хочуць, каб iх шкадавалi!

А тут ты ў сябе дома, на радзiме; тут ты можаш гаварыць усё i адкрыць сваю душу, нiхто тут не саромеецца схаваных i скупых пачуццяў.

Тут усе рэчы, лашчачыся, наблiжаюцца да тваёй прамовы i дагаджаюць табе: так хочацца iм паездзiць на тваёй спiне! На любой прыпавесцi ты дапнеш да ўсякай iсцiны.

Тут проста i шчыра можаш гутарыць з усiмi рэчамi; i праўда, пахвалою здаецца iхняму слыху, што нехта гаворыць з iм шчыра!

А быць пакiнутым - зусiм iншае нешта. Цi памятаеш ты, Заратустра? Калi ў лесе над тваёй галавой крычала птушка, а ты нерашуча стаяў побач з мёртвым i не ведаў, куды iсцi.

Калi ты казаў: "Хай мае звяры вядуць мяне! Я адчуваю, што мне больш небяспечна быць сярод людзей, чым сярод звяроў". Гэта была пакiнутасць.

А цi памятаеш ты яшчэ вось што, Заратустра? Калi ты быў на сваёй выспе, ты - крынiца вiна сярод пустых вёдраў, раздаючы сябе спрагненым, даруючы i раздорваючы,

- пакуль, нарэшце, не застаўся ў адзiноце, спрагнены сярод п'яных, пакуль не пачаў скардзiцца начамi:

Цi не большая асалода ў тым, каб браць, чым даваць?

I красцi, чым браць? Гэта была пакiнутасць! Цi памятаеш такое, Заратустра? Калi да цябе наблiзiлася твая Цiшыня, якая адагнала цябе ад самога сябе, i злосна нашэптвала: "Скажы i рабiся!"

- i калi зрабiла табе болем тваё чаканне i маўчанне i паныласцю тваю ўпакораную мужнасць. Гэта была пакiнутасць!"

О адлюдненасць! Ты, мая Айчына, Адлюдненасць! З якой шчаслiвай пяшчотай звястуе мне твой голас!

Мы не пытаемся адно ў аднога, мы не скардзiмся адно аднаму: мы iдзем разам у адчыненыя дзверы.

Бо ў цябе ўсё адчынена i светла, i тут лягчэй бягуць ногi часу, бо ў цемры час цiсне мацней, чым на святле.

Тут мне раскрываюцца словы пра быццё, быццам скрынкi, раскрываюцца мне словы пра ўсё сутнае: усё сутнае хоча стаць словам, усякае станаўленне хоча навучыцца ў мяне гаварыць.

А там, унiзе, любая казань марная! Там "забыць i прайсцi мiма" - найлепшая мудрасць: гэтаму я цяпер навучыўся!

Хто хоча ў людзей зразумець усё, павiнен да ўсяго дакрануцца. Але на гэта ў мяне занадта чыстыя рукi.

Я ўжо не магу дыхаць з iмi адным паветрам; о, навошта я жыў так доўга ў шуме i ў iх смярдзючым дыханнi!

О шчаслiвая цiшыня вакол мяне! О чыстыя пахi! Як глыбока i чыста дыхае цiшыня! Як учуваецца яна, шчаслiвая!

А там, унiзе, - там усё гаворыць i ўсё застаецца не пачутым. Хоць званамi абвяшчай мудрасць сваю: гандляры на рынку ўсё роўна заглушаць яе звонам медзi!

Усё ў iх гаворыць, а разумець усе адвыклi. Усё ў iх валiцца з рук, але нiчога не трапляе больш у глыбокiя крынiцы.

Усё ў iх гаворыць, усё растурзана словамi. Тое, што яшчэ ўчора было цвёрдае i не па зубах самому часу, сёння - згрызенае i абгрызенае - звiсае з зяпы людзей цяпершчыны.

Усё ў iх гаворыць, усё агалошваецца. Тое, што калiсьцi было схавана i таямнiцай глыбокiх душаў, сёння належыць вулiчным трубачам i ўсякiм легкакрылым кузакам.

Дзiвосная рэч - чалавечая iстота! Ты, шум цёмных вулiц, ты зноў за мною! Найвялiкшая небяспека мая засталася за мною!

Шкадаваць i спагадаць - заўсёды было маёй найбольшай небяспекай, але ж усякая чалавечая iстота прагне, каб яе шкадавалi i спагадалi ёй.

З нявыказанымi iсцiнамi, з рукою дурня i сэрцам без розуму, багаты дробязнай хлуснёй спагады - так я жыў сярод людзей заўсёды.

Сядзеў я сярод iх пераапрануты, гатовы не пазнаваць сябе толькi дзеля таго, каб трываць iх, i пераконваў сябе: "Дурань, ты не ведаеш людзей!"

Перастаеш разумець людзей, калi жывеш сярод iх: надта шмат на iх блiзiру, знешняга, - навошта тут дальнавiдныя, палка-разумныя вочы!

I калi яны не прызнавалi мяне, я, дурны, у сваёй апантанасцi прагнуў iх за гэта яшчэ больш, чым сябе: прывыклы быць жорсткiм да сябе, я часта помсцiў сабе за гэты жаль.

Пакусаны ядавiтымi мухамi i паточаны, як камень, процьмай кропляў злосцi, я сядзеў сярод iх i пераконваў сябе: "Не вiнаватае ўсё нiкчэмнае ў нiкчэмнасцi сваёй!"

Асаблiва ядавiтымi з усiх мух я лiчыў тых, што завуць сябе "добрымi": яны кусаюць, не ўсведамляючы сваёй вiны, яны хлусяць, не ўсведамляючы яе, - як маглi б яны быць са мною справядлiвымi!

Хто жыве сярод добрых, таго спагада вучыць хлусiць. Спагада робiць паветра затхлым усiм свабодным душам. Глупства добрых - бяздоннае.

Хаваць сябе самога i багацце сваё - гэтаму я навучыўся там, унiзе: бо я выявiў, што кожны з iх - убогi духам. У тым была хлусня маёй спагады, што пра кожнага я ведаў,

- ведаў, бачыў i нават носам чуў, што не толькi дастаткова, але нават занадта шмат духу дасталося яму!

Гэтыя iх надзьмутыя мудрацы, але не надзьмутымi, а мудрымi называў я iх: я так навучыўся глытаць словы. Гэтыя iх магiльшчыкi - я ж называў iх даследчыкамi i выпрабавальнiкамi: так я навучыўся падмяняць словы.

Самыя сабе капаюць далакопы гэтыя хваробы. Пагiбельныя выпарэннi дрэмлюць пад старым смеццем. Не трэба турбаваць балота. Лепей жыць у гарах.

Шчаслiвымi грудзьмi я ўдыхаю зноў свабоду гор! Нарэшце мой нос пазбаўлены паху чалавечага iснавання!

Свежае паветра, як пенiстае вiно, казычй мне ноздры, i яна чмыхае, душа мая, чмыхае i радасна гукае: "На здароўе!"

Так сказаў Заратустра.

Пра тры пахiбы

1

"У сне, у апошнiм ранiшнiм сне я стаяў на высокай скале, па той бок свету, трымаў вагi i важыў свет.

О, дужа рана настала мне ранiшняя зара - палкая i раўнiвая! Заўсёды раўнiвая яна да маiх гарачых ранiшнiх сноў.

Вымерны таму, у каго ёсць час; выважаны таму, хто ўмее важыць; дасягальны моцным крылам; адгадны боскiм адгадчыкам - такiм явiўся мне ў сне гэты свет.

Сон мой, адважны марак, напалавiну карабель, напалавiну шквал, маўклiвы, як матылёк, нецярплiвы, як сокал: адкуль узяўся ў яго сёння i час, i цярплiвасць, каб важыць свет!

Мабыць, мудрасць мая нашаптала яму нiшкам - чуйная, пакеплiвая, дзённая мудрасць мая, якая смяецца з усiх бясконцых светаў! Бо яна кажа: "Дзе сiла, там валадарыць i лiк, бо ў яго болей сiлы".

Як упэўнена глядзеў мой сон на гэты концы свет, - без цiкаўнасцi, без шкадавання, без страху, без мальбы:

- быццам выспелы яблык прасiўся ў руку маю, крамяны i залацiсты, з далiкатнай халаднаватай аксамiтнай скуркай - такiм здаўся мне свет:

- быццам кiвала мне дрэва з раскiдзiстымi галiнамi, моцнае воляй, сагнутае дзеля апоры i адпачынку нагам стомленых дарожнiкаў: такiм здаўся мне са скалы гэты свет;

- быццам пяшчотныя рукi неслi мне насустрач скрынку, адчыненую захапленню сарамяжлiвых шанавальных вачэй - такiм гэты свет здаўся мне сёння;

- не так загадкай, каб адпудзiць чалавечую любоў; не так разгадкай, каб прыспаць чалавечую мудрасць, - па-чалавечы добрым здаўся мне сёння свет, пра якi так многа лiхасловяць!

Якi ўдзячны я свайму ранiшняму сну за тое, што сёння на золку ўзважыў я свет! Па-чалавечы добрым прыйшоў да мяне сон, суцешнiк сэрцаў!

I ўдзень я зраблю, як ён, i навучуся ў яго ўсяго найлепшага: цяпер я хачу пакласцi на шалi з усiх лiхаў тры сама лiхiя i па-чалавечы правiльна iх узважыць.

Хто вучыў дабраслаўляць, той вучыў i выклiнаць: якiя ж на свеце ёсць тры найсама клятыя рэчы? Iх я i хачу пакласцi на шалi.

Пахацiнства, уладалюбства, сябелюбства - гэтыя тры да сёння выклiналiся найбольш i найбольш iх аплявузгалi; i вось гэтыя тры пахiбы сёння я хачу па-чалавечы добра ўзважыць.

Давай! Тут мая скала, там - мора: яно падкочваецца мне пад ногi, калматае, лашчыцца - вернае, старое страшыдла, спагадлiвы сабака, якога я люблю.

Давай! Тут я трымаю вагi, над бурным морам, i выбiраю сведку, каб ён глядзеў, - выбiраю цябе, любае маё самотнае дрэва, што шырока раскiнула голле, пахучае, водарнае!

Па якiм мосце iдзе сённяшняе ў будучыню? Па чыёй волi высокае хiлiцца да нiзкага? I што загадвае вышэйшаму расцi вышэй i вышэй?

Цяпер шалi ў раўнавазе i ў нерухомасцi: тры цяжкiя пытаннi кiнуў я на адну шалю, тры цяжкiя адказы трымае другая.

2

Пахацiнства: калючка i слуп ганьбы ўсiм у пакаяных валасянiцах пагарднiкам цела; асуджанае на праклён як "зямное" ва ўсiх, хто марыць пра iншы свет, бо яно пагарджае ўсiмi настаўнiкамi хлуснi i дурыць iх.

Пахацiнства: павольны агонь зброду, на якiм згарае яно; усiм смярдзючым лахманам i чарвiвым дрэвам - распаленая, агнявая печ.

Пахацiнства: нявiннае i свабоднае яно ў свабодных сэрцаў, сад зямнога шчасця, святочнае багацце i дарунак будучынi ад лiшнiцы яго.

Пахацiнства: гэта салодкая атрута толькi завялым, а тым, у каго львiная воля, гэта вялiкi сардэчны мацунак, вiно з усiх вiнаў, багавейна захаванае.

Пахацiнства: гэта найвялiкшая асалода, сiмвал найбольшага шчасця i найвышэйшай надзеi, бо многаму было дадзена абяцанне шлюбу i нават большага, чым шлюб:

- многаму, што яшчэ больш чужое адно аднаму, чым мужчына жанчыне: а хто спасцiг да канца, наколькi чужыя адно аднаму мужчына i жанчына?

Пахацiнства: аднак мне трэба абмежаваць думкi i словы, каб не ўварвалiся ў мае сады свiннi i апантанцы!

Уладалюбства: вогненны бiч у сама цвёрдых з усiх цвердакаменных сэрцаў; жудаснае катаванне, нагатаванае сама жорсткаму, змрочнае полымя вогнiшчаў, на якiх паляць жыўцом.

Уладалюбства: гэта жорсткiя кiлзы, накiнутыя на сама славалюбныя народы; яно здзекуецца з любога сумнiўнага дабрачынства, яно едзе вярхом на любым канi i на ўсякай гардынi.

Уладалюбства: землятрус, якi разбурае ўсё лядашчае i пустое; раз'юшаны, грымучы, карны разбуральнiк фарбаваных дамавiн; блiскучы пытальнiк побач з зайздроснымi адказамi.

Уладалюбства: перад позiркам яго чалавек поўзае i плазуе, сцелецца рабом i робiцца нiжэйшы за змяю i свiнню, пакуль, нарэшце, не вырвецца ў яго крык вялiкай пагарды.

Уладалюбства: грозны настаўнiк вялiкай пагарды, якi кiдае ў твар гарадам i царствам: "Далоў цябе!", пакуль, нарэшце, i самi яны не залямантуюць: "Далоў, мяне!"

Уладалюбства: яно падымаецца да чыстых i адзiнокiх, каб iх прывабiць, падымаецца ўгору да самадастатковых вяршыняў, палаючы, як любоў, малюючы ў нябёсах панадныя пурпуровыя блiкi асалодаў.

Уладалюбства: але хто сказаў, што нездаровая такая палкасць, калi высокае iмкнецца да ўлады над нiжэйшым! Сапраўды, няма нiчога хваравiтага ў такiм жаданнi, у такiм прышэсцi!



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать