Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 36)


Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамi ўсiх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося нi маны, нi хiтрасцi - ты сам у сабе расчараваны!

Ты жнеш агiду як адзiную тваю iсцiну. Усё, што сыходзiць з вуснаў тваiх, хлусня i фальш, i толькi самыя вусны - адзiнае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агiда прылiпла да вуснаў тваiх".

"Хто ты такi, каб так гаварыць са мною, найвялiкшы з жывых?" - пагардлiва сказаў стары чарадзей, i зялёная маланка блiснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панiк i сумна сказаў:

"О Заратустра, я стамiўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агiднае, я не вялiкi - навошта прыкiдвацца! Але табе добра вядома - я шукаў велiчы!

Я толькi хацеў паказаць вялiкага чалавека i многiх пераканаў у сваёй велiчы: але мана аказалася вышэйшай за мае сiлы. На ёй я паламаўся.

О Заратустра, усё - мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё - гэта праўда!"

"Гэта робiць табе гонар, - змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! Гэта робiць табе гонар, што шукаў ты велiчы, але гэта сама i выдала цябе. Ты не вялiкi.

Ты - гаротны стары чарадзей, гэта i ёсць сама лепшае i праўдзiвае ў табе, i я шаную цябе за тое, што ты стамiўся ад самога сябе i сам прызнаў, што не вялiкi.

За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно iмгненне, але ты быў праўдзiвы!

А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў i ў маiх лясах? I калi дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?

- у чым спакушаў ты мяне?"

Так гаварыў Заратустра, i яго вочы блiшчалi. Стары чарадзей памаўчаў крыху i адказаў: "Хiба я цябе спакушаў? Я толькi шукаю.

О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзiвага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсiм, праведнiка пазнання, сасуд мудрасцi, вялiкага чалавека!

Хiба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру".

I тады настала доўгае маўчанне, i Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калi вярнулiся да субяседнiка думкi, ён узяў чарадзея за руку i сказаў яму ветлiва, але не без хiтрасцi:

"Ну што ж! Там, угары, - дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй i шукай, каго ты хацеў знайсцi.

I спытайся парады ў маiх звяроў - у арла i ў змяi: яны дапамогуць табе ў тваiх пошуках. А пячора мая вялiкая.

Праўда, сам я нiколi яшчэ не бачыў вялiкага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлiвых на ўсё вялiкае. Сёння пануе чэрня.

Я ўжо сустракаў многiх, якiя цягнулiся ўгору i надзiмалiся, а народ крычаў: "Глядзiце, вось вялiкiя людзi!" Але якi толк у кавальскiх мяхах! Урэшце паветра выходзiць з iх.

Зрэшты, лопаецца i жаба, якая надта доўга надзiмалася, i паветра выходзiць з яе. Па-мойму, неблагая штука - тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткi!

Усё сённяшняе належыць чэрнi: хто сёння ведае, дзе вялiкае, дзе малое? У каго пошукi велiчы ўвянчалiся поспехам? Толькi ў бязглуздых: iм дадзена гэта шчасце.

Ты шукаеш вялiкага чалавека, дзiўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хiба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нiкчэмны шукальнiк, навошта спакушаеш мяне?"

Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваiм, i, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.

У адстаўцы

Па доўгiм часе пасля таго, як Заратустра пазбавiўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзiць на дарозе, якою ён iшоў, - нейкi высокi чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмi засмуцiўся, убачыўшы яго. "Шкада, - сказаў ён сэрцу свайму, - вось сядзiць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што iм трэба ў царстве маiм?

Што?! Толькi што пазбыўся я чарадзея, i вось яшчэ адзiн чарнакнiжнiк на дарозе маёй,

- нейкi чарадзей з уладаю накладання рук, цёмны цудадзей, асвечаны божаю мiлатою i памазаны паклёпнiк на жыццё, каб яго чорт скруцiў!

Але чорта няма на месцы якраз тады, калi ён найбольш патрэбен: ён заўсёды з'яўляецца занадта позна, гэты пракляты кульгавы карлiк!"

Так, страцiўшы цярплiвасць, сам сабе лаяўся Заратустра, прыкiдваючы, як яму збочыць i прашмыгнуць мiма чорнага чалавека, але ўсё абярнулася iначай. Той, што сядзеў на дарозе, адразу ўбачыў Заратустру, падхапiўся на ногi, быццам радасць раптам апантала яго, i кiнуўся да яго.

"Кiм бы ты нi быў, дарожнiк, - усклiкнуў ён, - памажы старому, якi заблудзiўся i стамiўся ад пошукаў, памажы старому, з якiм так проста можа стацца бяда!

Незнаёмыя i чужыя мне гэтыя землi, i выццё дзiкiх звяроў чуецца мне; i няма больш таго, хто баранiў мяне.

Я шукаў апошняга пабожнага чалавека, святога i пустэльнiка, адзiнага, хто ў сваiм лесе не чуў таго, што сёння ведае кожны".

"Што ж сёння ведае кожны? - спытаўся Заратустра. - Цi не тое, што няма больш сярод жывых старога Бога, у якога калiсьцi верыў цэлы свет?"

"Вось i ты сказаў гэта, - журботна адказаў стары. - Я ж служыў гэтаму старому Богу да апошняй ягонай хвiлiны.

А цяпер у адстаўцы, без гаспадара, а ўсё ж не свабодны, i смутак не пакiдае мяне нi на хвiлiну, а радасць прыходзiць толькi ва ўспамiнах.

Таму i падняўся я ў гэтыя горы, каб, нарэшце, зладзiць сабе свята, як яно належыць апошняму Папу i Айцу царквы: бо ведай - я апошнi Папа! I гэта будзе свята пабожных успамiнаў i набажэнства!

Але памёр i ён, той самы пабожнiк, святы, якi жыў у лесе i якi ўвесь час славiў Бога малiтвамi i спевамi.

Самога яго я не знайшоў: а калi ўбачыў хацiну, толькi два ваўкi сядзелi ў ёй i вылi па смерцi яго; бо яго любiлi ўсе звяры. I я падаўся ўпрочкi.

Няўжо дарма прыйшоў я ў гэтыя горы i лясы? I тады я рашыў у сэрцы сваiм, што пачну шукаць iншага, сама пабожнага з божых нявернiкаў, - я рашыў шукаць Заратустру!"

Так казаў стары i ўважлiва прыглядваўся да таго, што стаяў перад iм; а Заратустра ўзяў апошняга Папу за руку i доўга здзiўлена разглядваў яе.

"Што я бачу, шаноўны! Якая далiкатная рука! - сказаў потым Заратустра. Гэта рука чалавека, якi нястомна раздаваў добраславеннi. I вось - цяпер моцна трымае яе той, каго ты шукаў, бо я - Заратустра.

Гэта я, бязбожнiк Заратустра, якi сказаў: "Хто бязбожнейшы за мяне, каб парадавацца мне, вучню ягонаму?"

Так сказаў Заратустра, пранiкаючы позiркам у думкi i патайныя намыслы апошняга Папы. I той нарэшце сказаў:

"Той, хто найболей любiў Яго i валодаў Iм, таму Ён цяпер i страчаны канчаткова,

- вось, глядзi, хто з нас сёння бязбожнейшы? Цi не я? Але толькi хто з гэтага парадуецца?"

"Ты служыў Яму да канца, - задуменна сказаў Заратустра пасля даўжманага маўчання, - табе вядома, як Ён памёр? Цi праўду кажуць, што Яго задушыла спагада,

- калi Ён убачыў чалавека, якi вiсеў на крыжы, i не вынес вiдовiшча, калi любоў Яго да чалавека зрабiлася пеклам, а пад канец i смерцю?"

Але апошнi Папа нiчога не адказаў на гэта, толькi адвёў убок вочы з выразам смутку i паныласцi на твары.

"Хай будзе так, - сказаў Заратустра, падумаўшы нейкi час i гледзячы старому ў вочы.

Хай будзе так, з iм кончана. Але хоць i сведчыць пра гонар твой тое, што кажаш ты толькi добрае пра гэтага мёртвага, i табе, i мне добра вядома, кiм Ён быў i якiмi дзiвоснымi шляхамi хадзiў".

"Гаворачы з Iм з вока на два, як бо то ж у мяне толькi адно, - жвава азваўся апошнi Папа (а ён быў сляпы на адно вока), - у тым, што да Бога, я больш абазнаны, чым сам Заратустра, - i з поўным правам.

Шмат гадоў служыла Яму любоў мая, i воля мая ва ўсiм iшла следам за воляю Яго. А добраму слузе вядома ўсё, нават тое, што пан хавае ад самога сябе.

Ён быў схаваны Бог, поўны таямнiц. Сапраўды, нават сына свайго Ён здабыў няйнакш як таемнымi спосабамi. Перад дзвярыма Яго - пералюб.

Той, хто славiць Яго як Бога любовi, не дужа высокае думкi пра любоў. Хiба не хацеў гэты Бог быць суддзёю? Хто любiць, любiць без аглядкi на ўзнагароду i аддзяку.

Калi ён быў малады, гэты Бог з усходу, Ён быў суровы i помслiвы i стварыў пекла на асалоды любiмцам сваiм.

Але нарэшце Ён састарыўся i зрабiўся мяккi, вялы i жаласлiвы i пачаў упадабняцца больш дзеду, чым бацьку, а яшчэ больш - старой нямоглай бабулi.

I вось, сядзеў Ён, скурчыўшыся на печы, бурчаў i жалiўся на слабасць у нагах, стомлены светам, стомлены, каб хацець чаго-небудзь, пакуль не задыхнуўся аднойчы ад залiшняй спагады сваёй".

Але тут Заратустра перапынiў яго: "I ты, апошнi Папа, бачыў гэта на свае вочы? Гэта магло быць i так; але магло быць i iнакш. Калi памiраюць багi, памiраюць заўсёды па-рознаму.

Ну што ж! Так цi iнакш, - Ён памёр! Шмат што ў Iм зневажала i вочы мае, i вушы, а пра сама горшае я памаўчу.

Я люблю ўсё, што глядзiць чыстым вокам i гаворыць праўдзiва. Тады як Ён, а табе добра гэта вядома, стары святар, бо нешта было ў Iм i ад вашага роду, ад пароды Святароў - Ён заўсёды быў неадназначны.

Да таго ж Ён быў незразумелы. Як гневаўся Ён на нас, поўны лютасцi праз тое, што мы былi блага Яго зразумелi! Але чаму ж тады Ён не гаварыў ясней?

А калi вiною таго быў наш слых, дык цi ж не Ён вiнаваты, што былi няздольныя слухаць Яго? I калi вушы нашыя былi забiтыя брудам, ну што ж! Чыiх рук гэта справа?

Надта многае не ўдавалася гэтаму ганчару, якi не давучыўся да канца! Аднак жа тое, што ён абрынуў помсту на гаршкi i творы свае, бо яны кепска яму ўдалiся, - гэта было грэхам супроць добрага густу.

I ў пабожнасцi ёсць добры густ, i густ гэты ўрэшце абвесцiць: "Далоў такога Бога! Лепей зусiм без Бога, лепей на сваю рызыку тварыць свой лёс i быць неразумным, лепей самому зрабiцца богам!"

"Што я чую! - усклiкнуў апошнi Папа, натапырыўшы вушы. - О Заратустра, ты, з усiм няверствам, намнога пабожнейшы, чым думаеш! Няйнакш у табе нешта боскае зрабiла з цябе бязбожнiка.

Цi не сама пабожнасць твая не дазваляе табе красцi? А вялiкая сумленнасць твая яшчэ выведзе цябе нават за межы дабра i зла.

Глянь, - што табе ўгатавана! Твае вочы, вусны i рукi ад вечнасцi назначаны для дабраслаўлення. Бо дабрасловяць не аднымi толькi рукамi.

Хоць ты i настойваеш, што ты бязбожнiк, - каля цябе я адчуваю, як нябачна ўзносяцца пахошчы дабраслаўленняў: i разбiраюць мяне боль i багавейнасць.

Дазволь мне быць тваiм госцем, о Заратустра, на гэтую ноч! Нiдзе на зямлi не будзе мне так Добра, як у цябе!"

"Аман! Хай будзе так! - адказаў Заратустра, вельмi здзiўлены. - Там, угары, праходзiць дарога, там i Заратустрава пячора.

Сапраўды, я ахвотна правёў бы цябе, о шаноўны, бо люблю ўсiх пабожных. Але крык пра дапамогу клiча мяне пакiнуць цябе. Нiхто не павiнен упадаць у бедства ў маiх валоданнях; пячора мая - добрая гавань. I я найболей люблю вяртаць засмучаным цвёрдую зямлю, каб трывала, абедзвюма нагамi стаялi яны на ёй.



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать