Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 44)


I тое, што яны робяцца ўдзячнымi, я лiчу найлепшым знакам. Яшчэ пройдзе крыху часу, i яны прыдумаюць сабе святы i паставяць помнiкi сваiм ранейшым радасцям.

Яны ацаляюцца!" - так сказаў радасна Заратустра сэрцу свайму, гледзячы ўдалечыню; а звяры падышлi блiжэй i ўшанавалi яго спакой i шчасце.

2

Але тут Заратустра спалохаўся, бо слых ягоны, ужо абвыклы з шумам i смехам у пячоры, быў раптам уражаны мёртвай цiшынёй; а нос яго пачуў дым пахошчаў, быццам палiлi сасновыя шышкi.

"Што такое? Што яны там робяць?" - спытаўся ён сам у сябе i падкраўся да пячоры, так, каб убачыць сваiх гасцей, а самому застацца няўбачаным. О вялiкае дзiва! Што ж угледзелi вочы ягоныя!"

"Усе яны зноў сталi пабожныя, яны моляцца, яны павар'яцелi!" - сказаў ён, без меры здзiўлены. I сапраўды! Усе вышэйшыя людзi - абодва каралi, адстаўны Папа, лiхi чарадзей, жабрак-дабрахот, вандроўнiк i цень, стары вяшчун, сумленны духам i сама брыдкi чалавек - усе яны кленчылi, быццам дзецi альбо старыя пабожныя бабулi, i малiлiся аслу. А сама брыдкi чалавек якраз пачаў хрыпець i сiпець, нiбыта нешта неверагоднае хацела вырвацца з яго; калi ж, нарэшце, ён апрануў гэта ў словы, дык гата было не што iншае, як своеасаблiвая дабрамысная лiтанiя ў гонар асла, якому малiлiся i курылi пахошчы. I такiя былi словы яе:

Амiн! Чта i хвала, i мудрасць, i падзякаванне, i сiла, i слава Госпаду нашаму на векi вечныя!

А асёл крыкнуў: "I-А".

Ён узяў на сябе цяжар наш, i прыняў вобраз слугi, сэрца яго цярплiвае, i ён нiколi не скажа "Не", i той, хто любiць Госпада свайго, той карае яго.

А асёл крыкнуў: "I-А".

Ён не кажа: хiба што ўвесь час вымаўляе "Так" таму свету, якi стварыў: так ён хвалiць яго. I ў гэтым спанатранасць ягоная, што яна не гаворыць: так што мала калi ён не мае рацыi.

А асёл крыкнуў: "I-А".

Непрыкметна iдзе ён па свеце. Ён любiць шэры колер, iм ахiнае сваю цноту. Калi i ёсць у яго дух, дык ён схаваны: аднак кожны верыць у яго доўгiя вушы.

А асёл крыкнуў: "I-А".

Якая таемная мудрасць - мець доўгiя вушы, заўсёды казаць "Так" i нiколi "Не"! Цi не паводле свайго вобраза i падабенства стварыў ён гэты свет - гэта значыць як мага дурнейшы?

А асёл крыкнуў: "I-А".

I простымi, i крывымi дарогамi ходзiш ты; i мала турбуе цябе, што людзям здаецца крывым, а што - простым. Па той бок дабра i зла ляжыць тваё царства. У тым цнота твая, што не ведаеш ты, што такое нянавiсць.

А асёл крыкнуў: "I-А".

Ты нiчога не адкiдаеш, нi каралёў, нi жабракоў. I дзецям не забараняеш прыходзiць да цябе, а калi нядобрыя хлапчукi дражняць цябе, ты прастадушна кажаш: "I-А".

А асёл крыкнуў: "I-А".

Ты любiш аслiх, i сама свежыя смоквы падабаюцца табе, i аддаеш ты належнае ўсякай ежы. Пах бадзякоў мацуе тваё сэрца, калi выпадае табе галадаць. I ў гэтым - божая мудрасць.

А асёл крыкнуў: "I-А".

Аслiнае свята

1

Але на гэтым месцы лiтанii Заратустра ўжо не мог болей трываць i сам крыкнуў "I-А" яшчэ галасней за асла i кiнуўся на ашалелых гасцей. "Што гэта вы тут вырабляеце, прыяцелi? - крыкнуў ён, рыўкамi падымаючы з зямлi мольбiтаў, Ваша шчасце, што нiхто, акрамя Заратустры вас не бачыў.

Кожны падумаў бы, што вы з гэтай вашай новай верай, - зацятыя блюзнеры альбо старыя бабы, што ўжо зусiм з'ехалi з глузду!

А ты, апошнi Папа, як ты мiрышся з самiм сабой, калi так нягожа молiшся аслу, быццам ён бог?"

"Даруй мне, о Заратустра, але ва ўсiм, што датычыцца Бога, я больш абазнаны за цябе. Тут нiкуды не папрэш.

Лепей бо ўзносiць малiтвы Госпаду ў такiм вось вобразе, чым наогул не мець божага вобраза! Падумай над гэтымi словамi, узнёслы мой дружа, i ты неўзабаве спасцiгнеш, у якiм выслоўi iсцiна.

Той, хто сказаў: "Бог ёсць Дух", зрабiў найвялiкшы крок i скачок, якi наблiзiў да няверства, крок, якога нiхто на зямлi да яго яшчэ не рабiў: нялёгка паправiць тое, што сказана iм!

Маё старое сэрца хвалюецца i трымцiць, калi падумаю, што ёсць яшчэ на зямлi нешта вартае малiтвы. Даруй жа, о Заратустра, старому пабожнаму сэрцу апошняга Папы!"

"А ты, - звярнуўся Заратустра да вандроўнiка, якi называў сябе ягоным ценем, - ты называеш сябе свабодным духам i ўяўляеш сябе iм? А сам грэшыш балвахвалствам, удзельнiчаеш у розных папоўскiх вычудах?

Сапраўды, што ты ладзiш тут, яшчэ горш за тое, што ты нарабiў з гэтымi нехарошымi чарнамазымi дзяўчатамi! Эх ты, нiкчэмны нявернiк!"

"Так, усё гэта даволi паскудна, - адказваў вандроўнiк, якi называў сябе Заратустравым ценем, - i твая праўда: але я нiчога не магу з гэтым зрабiць! Стары Бог зноў жывы, о Заратустра, што б ты там нi казаў.

Ва ўсiм вiнаваты сама брыдкi чалавек - гэта ён уваскрэсiў яго. Хоць ён i кажа, быццам калiсьцi забiў яго, але смерць багоў - заўсёды забабон".

"А ты, - спытаўся Заратустра, - ты, стары лiхi чарадзей, што ты зрабiў? Хто ў гэты свабодны век паверыць у цябе, калi сам ты вызнаеш гэты боскi аслiзм?

Глупства было тое, што рабiў ты; як ты, такi разумны, мог учынiць такое глупства?"

"О Заратустра, - адказваў вяшчун-чарадзей, - твая праўда, гэта было глупства, i я ўжо паплацiўся за яго".

"А ты, - звярнуўся Заратустра да сумленнага духам, - раскiнь мазгамi i шырэй расплюшчы вочы! Цi не паўстае супроць гэтага тваё сумленне? Цi не надта чысты твой дух для малiтвы i чаднага фiмiяму гэтых святошаў?"

"У гэтым нешта ёсць, - адказваў той, вылупiўшы вочы, - ёсць нешта такое ва ўсiм гэтым спектаклi, што ўлешчвае нават маё сумленне.

Магчыма, я проста не адважваюся верыць у Бога, аднак мне несумненна тое, што ў гэтым вобразе Бог найбольш верагодны.

Паводле сведчання пабожных, Бог вечны: У каго столькi часу, той можа дазволiць сабе не спяшацца. Як мага дурней i павальней - такiм чынам можна зайсцi даволi далёка.

Той, у

каго столькi духу, можа цалкам захапiцца глупствам i шаленствам. Згадай сам сябе, Заратустра!

Сапраўды! Нават сам ты цалкам мог бы зрабiцца аслом ад лiшнiцы сваёй i ад мудрасцi сваёй.

Хiба не любiць сапраўды мудры хадзiць крывымi дарогамi? Гэтаму вучыць сама вiдавочнасць, гэтаму вучышся, гледзячы на цябе, Заратустра!"

"Ну i, нарэшце, ты, - сказаў Заратустра, павярнуўшыся да сама брыдкага чалавека, якi ўсё яшчэ ляжаў на зямлi, працягнуўшы руку да асла (бо ён даваў яму выпiць вiна). - Ты, каму няма назову, скажы, што зрабiў ты?

Ты здаваўся мне пераўтвораным, блiшчалi вочы твае, брыдкасць твая была ахутана ўзвышаным: што ж зрабiў ты?

Значыць, гэта праўда, што кажуць, быццам ты ўваскрэсiў яго? А навошта? Хiба ж без нiякай прычыны забiлi яго i аддзялiлiся ад яго?

Ты сам здаваўся мне ўваскрэшаным: што ж ты зрабiў? Чаму ты павярнуўся назад? Чаму здрадзiў сабе? Кажы, невыказны!

"О Заратустра, - адказваў сама брыдкi чалавек, - ты шэльма!

Цi жывы ён яшчэ, цi ўваскрэс, цi памёр канчаткова, хто з нас двух лепей ведае гэта? Я пытаюся ў цябе.

Аднак я ведаю адно: у цябе я навучыўся гэтага калiсьцi, о Заратустра: хто хоча забiць канчаткова, той смяецца.

"Забiваюць не гневам, а смехам" - так ты калiсьцi казаў. О Заратустра, ты, схаваны, бязгнеўны разбуральнiк, сама небяспечны з усiх святых, ты - шэльма!"

2

I тады адбылося наступнае: Заратустра, здзiўлены такiмi дзёрзкiмi адказамi, кiнуўся да выхаду з пячоры i, павярнуўшыся да гасцей, усклiкнуў грамавым голасам:

"Ах вы, дурнi i блазны, усе вы, тут сабраныя! Няма чаго хавацца i прыкiдвацца перад мною!

Як трымцелi вашыя сэрцы ад шалу i захаплення, што вось нарэшце-такi вы зноў зрабiлiся, як малыя дзецi, - гэтакiя самыя пабожныя,

- што, нарэшце, вы зноў, як дзецi, пачалi малiцца, складваць ручкi i казаць: "Добры Божухна!"

Аднак пакiньце цяпер гэты, дзiцячы пакой - пячору маю, дзе сёння ўсё няцямнае адчувае сябе, як дома. Суймiце там, на паветры, ваш дзiцячы запал i хваляванне сэрца!

Вядома, калi не ўпадобнiцеся дзецям, дык не ўвайсцi вам у гэтае царства нябеснае. (I Заратустра паказаў рукою ўгору.)

Але мы не iмкнёмся ў тое нябеснае царства: мы зрабiлiся мужныя, мы зрабiлiся мужамi, i таму хочам царства зямнога".

3

I зноў Заратустра пачаў гаварыць. "О новыя сяброве мае, - сказаў ён, - вы, дзiвосныя, вы, вышэйшыя людзi, якiя вы любасныя мне цяпер.

- з таго часу, як зноў павесялелi! Сапраўды, усе вы зацвiлi: i я думаю, што такiм кветкам патрэбен новы святы,

- якая-небудзь дзёрзкая бяссэнсiца, нешта накшталт лiтургii i аслiнага свята, ды яшчэ стары дурань i шаленец Заратустра, вецер i ветрагон, якi праветрыць i прасветлiць вам душы.

Не забывайцеся гэтай ночы i гэтага аслiнага свята, о вышэйшыя людзi! Гасцюючы ў мяне, вы прыдумалi гэта, i я лiчу гэта добраю азнакаю, бо такое могуць выдумаць толькi тыя, хто выздароўлiвае!

I калi вы будзеце адзначаць свята асла яшчэ калi-небудзь, рабiце гэта з любовi да сябе i з любовi да мяне! I ў памяць пра мяне!"

Так сказаў Заратустра.

П'яная песня

1

Тым часам усе выйшлi на свежае паветра, у халаднаватую задуменнасць ночы; Заратустра вёў за руку сама брыдкага чалавека, каб паказаць яму свой начны свет, вялiкi круглы месяц i серабрыстыя вадаспады каля пячоры. I вось нарэшце ўсе гэтыя людзi - ужо немаладыя, але з суцешанымi i бадзёрымi сэрцамi - усталi поплеч i дзiвавалi самыя сябе, што iм так добра на зямлi; i таямнiца ночы ўсё глыбей i глыбей пранiкала ў iх сэрцы. I зноў падумаў Заратустра: "О, якiя любасныя мне цяпер гэтыя вышэйшыя людзi!" - але не сказаў гэтага ўголас, бо ўшанаваў iх шчасце i маўчанне.

Але тут здарылася сама дзiвоснае з усяго, што сталася за гэты доўгi i дзiвосны дзень: сама брыдкi чалавек зноў, цяпер ужо апошнi раз пачаў хрыпець i клекатаць, а калi, нарэшце, дайшло да слоў, - вусны ў яго ясна i выразна выдалi пытанне, пытанне такое частае, глыбокае i зразумелае, што ва ўсiх, хто пачуў яго, замлела ў грудзях сэрца.

"О вы, сябры мае, - спытаўся сама брыдкi чалавек, - што робiцца ў вашых душах? Дзякуючы гэтаму дню, упершыню ў жыццi сваiм я задаволены, што пражыў яго,

- i не стамляюся я сведчыць пра тое, што варта жыць на зямлi: адзiн дзень, адно свята з Заратустрам навучылi мяне любiць яго.

"Дык гэта было жыццё? - скажу я смерцi. - Што ж! Яшчэ раз!"

Сябры мае, што робiцца ў душах у вас? Цi гатовыя вы, як i я, сказаць смерцi: "Дык гэта было жыццё? Што ж! Яшчэ раз!"

Так сказаў сама брыдкi чалавек, а ўжо было пад поўнач. I як вы думаеце, што сталася тады? Як толькi вышэйшыя людзi выслухалi яго, яны ўсвядомiлi пераўтварэнне i выздараўленне сваё i зразумелi, хто прынёс iм усё гэта. I тады кiнулiся яны да Заратустры, поўныя шацунку, любовi i ўзнання, цалавалi яму ў рукi i, як каму адпавядала ў лад душы, адны смяялiся, другiя плакалi. А стары вяшчун скакаў ад замiлаванасцi; i калi, як думаюць многiя апавядальнiкi, ён быў упiты салодкiм вiном, дык, несумненна, намнога больш ап'янела ягоная радасць жыцця, бо ён зрокся ўсякае стомы. Некаторыя нават кажуць, што скакаў i асёл: вiдаць, невыпадкова сама брыдкi чалавек напаiў яго вiном. Цi было яно так, няважна, але калi нават асёл i не скакаў у той вечар, дык адбылiся дзеi больш дзiўныя i дзiвосныя. Адным словам, як кажа Заратустрава прыказка: "Што з таго!"



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать