Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 7)


Зiрнiце на гэтых лiшнiх! Яны ўвесь час хворыя, яны выблёўваюць сваю жоўць i называюць гэта газетай. Яны глытаюць адзiн аднаго i нiяк не могуць сябе стравiць.

Зiрнiце ж на гэтых лiшнiх! Яны грабуць багаццi i бяднеюць яшчэ больш. Яны, нямоглыя, прагнуць улады i, перш за ўсё, яе рычага - грошай!

Зiрнiце, як яны лезуць, гэтыя ўвiшныя малпы! Як караскаюцца адзiн цераз аднаго i зрываюцца ў смярдзючую прорву!

Туды, да трона iмкнуцца яны: у шаленстве сваiм яны думаюць, быццам на троне сядзiць шчасце! Часта бруд сядзiць на троне, а часта сам трон - на брудзе.

Шаленцы ўсе гэтыя, што караскаюцца, як малпы, кiдаюцца, быццам у гарачцы. Смуродам патыхае iхнi кумiр, гэтая халодная пачвара; смярдзяць i яны самыя ўсе разам, службiты iдала.

Братове мае, няўжо вы хочаце задыхнуцца ў смярдзючым чадзе з iх ненажэрных пашчаў? Бiце шыбы, выскоквайце на свабоду!

Уцякайце ад смуроду! Уцякайце ад iдалапаклонства лiшнiх людзей!

Уцякайце ад смуроду! Бяжыце ад чаднага дыму чалавечых ахвяр!

Зямля яшчэ i сёння свабодная для ўзвышаных душ. Яшчэ шмат вольных мясцiнаў для пустэльнiкаў i тых, хто самотны ўдвух; мясцiнаў, дзе веюць пахошчамi спакойныя моры.

Яшчэ адкрыты вялiкiм душам доступ да свабоднага жыцця. Сапраўды, мала чым авалодае той, хто валодае толькi малым: хвала беднасцi!

Толькi там, дзе канчаецца дзяржава, пачынаецца чалавек - не лiшнi чалавек: там гучыць песня таго, хто патрэбен, - адзiная i непаўторная.

Туды, дзе канчаецца дзяржава, - туды глядзiце, братове мае! Хiба не бачыце вы вясёлкi i мастоў, якiя вядуць да Звышчалавека?

Так сказаў Заратустра.

Пра рыначных мух

Дружа мой, уцякай у свой зацiшак! Я бачу, ты аглушаны шумам вялiкiх i паколаты джаламi малых.

Лес i скалы ўмеюць з годнасцю маўчаць разам з табою. Прыпадобнiся ж зноў да ўлюбёнага дрэва твайго: раскiнуўшы голле, прыслухоўваючыся, цiха схiлiлася яно над морам.

Дзе канчаецца адасабленне, там пачынаецца рынак; дзе пачынаецца рынак, там пачынаецца шум вялiкiх актораў i брунжанне ядавiтых мух.

У свеце сама лепшыя рэчы яшчэ нiчога не значаць, пакуль няма таго, хто iх пакажа з памоста: вялiкiмi людзьмi называе натоўп гэтых паказнiкаў.

Дрэнна разумее натоўп усё вялiкае, цi - творчае. Але добра разумее актораў, якiя паказваюць усё вялiкае на сцэне.

Вакол вынаходцаў новых каштоўнасцяў круцiцца свет - нябачна круцiцца ён; а навакол актораў круцяцца натоўп i слава: гэта i называецца светапарадкам.

У актора ёсць дух, але мала сумлення духу. Ён заўсёды верыць у тое, праз што i iншых прымушае паверыць, - ён верыць у сябе самога!

Па-новаму ён верыць заўтра, а паслязаўтра - зноў iнакш. Iмклiвыя ў яго пачуццi, як у натоўпу, i гэтакiя ж пераменлiвыя настроi.

"Перакулiць" азначае ў яго "даказаць"; "збiць з панталыку" - "пераканаць". А лепшаю за ўсякiя доказы ён лiчыць кроў.

Iсцiна, якая пранiкае толькi ў чуйныя вушы, для яго - хлусня i нiшто. Сапраўды, ён верыць толькi ў тых багоў, ад якiх у свеце найболей шуму!

Рынак поўны гарластых блазнаў, i натоўп ганарыцца сваiмi вялiкiмi людзьмi! гэта ў яго - валадары хвiлiны!

Але хвiлiна настойлiвая, i вось - прыспешваюць яны цябе i патрабуюць адказу: так цi не? Бяда, калi ты захочаш паставiць сваё крэсла памiж iхнiмi "за" i "супраць"!

Хай жа не будуць табе спакусаю гэтыя мiтуслiвыя паборцы безумоўнага, табе, любаснiку iсцiны! Яна яшчэ нiколi не трымалася за руку абсалютнага.

Ухiляйся i асцерагайся гэтых настырнiкаў: толькi на рынку прыстаюць з пытаннем - "так" цi "не"?

Павольна цячэ жыццё ўсiх глыбокiх крынiц: яны павiнны доўга чакаць, пакуль даведаюцца, што ўпала ў глыбiнi iхнiя.

У баку ад рынку i славы iдзе ўсё вялiкае; у баку ад рынку i славы жылi заўсёды вынаходцы новых каштоўнасцяў.

Дружа мой, уцякай у свой зацiшак: я бачу, што цябе пакусалi ядавiтыя мухi. Бяжы туды, дзе вее свежы сiберны вецер!

Уцякай у свой зацiшак! Занадта блiзка да малых i нiкчэмных ты жыў; уцякай ад iх небяспечнае помсты! Няма ў iх нiчога, акрамя помсты.

Не падымай на iх рук! Бо iм лiку няма, i не твая гэта доля - аганяцца ад мух.

Iх безлiч, гэтых малых i нiкчэмных; не аднаму ганарыстаму будынку сталiся прычынаю пагiбелi кроплi дажджу i пустазелле.

Ты - не камень, але ўжо робiшся пусты ад мноства кропель, што капаюць на цябе. Шчылiны i трэшчыны паяўляюцца на табе ад тых кропель.

Я бачу, стамiўся ты ад ядавiтых мух i да крывi падрапаны ў многiх мясцiнах, а гонар твой не хоча нават абурыцца.

Крывi тваёй хочуць яны, крывi прагнуць iх бяскроўныя душы - вось i джаляць яны ў нявiннасцi i прастаце сваёй.

Але ты глыбокi i глыбока пакутуеш нават ад нiкчэмных ран; i вось, не паспееш ты вылечыцца - зноў паўзе чарвяк па тваёй руцэ.

Але ты занадта горды, каб узяць i раздушыць гэтых ласуноў; дык сцеражыся, каб не сталася доляй тваёй цярпець ад iх ядавiтай нахабнасцi.

I, хвалячы, брунжаць яны вакол цябе: настырнасць - вось што такое iхнiя пахвалы! Быць блiжэй да скуры i да крывi тваёй - гэтага прагнуць яны.

Яны лiслiвяць табе, як Богу цi д'яблу; яны вiшчаць перад табою, быццам перад Богам альбо д'яблам. Што з таго! Яны лiслiўцы, пахлебцы i не больш за тое.

Бываюць яны ласкавыя i запабеглiвыя з табою. Але такая была заўсёды разумнасць у баязлiўцаў. Так, баязлiўцы - разумныя!

Сваёй нiкчэмнай душой яны шмат думаюць пра цябе: ты заўсёды iм падазроны. Усё, пра што яны думаюць, робiцца падазроным.

Яны караюць цябе за ўсе твае цноты. А даруюць - затое цалкам - толькi

памылкi твае.

Бо ты, паблажлiвы i справядлiвы, кажаш: "Не вiнаватыя яны ў сваiм гаротным iснаваннi". А iх дробная душа думае: "Вiна на ўсякiм вялiкiм iснаваннi".

Калi ты паблажлiвы, яны ўсё адно адчуваюць тваю пагарду i вяртаюць табе дабрадзейства тваё, джалячы патаемна.

Твая маўклiвая гордасць заўсёды iм не даспадобы; але яны трыумфуюць, калi ты бываеш настолькi сцiплы, каб стаць славалюбным.

Тое, што пазнаём мы ў чалавеку, успалымняем мы ў iм. Сцеражыся ж малых!

Перад табой яны адчуваюць сябе нiкчэмнымi, i нiкчэмнасць iх тлее i разгараецца ў нябачную помсту.

Хiба ты не заўважаў, як часта яны змаўкалi, калi ты падыходзiў да iх, i як сiла пакiдала iх, быццам з вогнiшча, якое тухне?

Так, дружа мой, дакор сумлення ты блiзкiм тваiм; бо не вартыя яны цябе. Таму яны i ненавiдзяць цябе i гатовыя смактаць тваю кроў.

Блiзкiя твае заўсёды застануцца табе ядавiтымi мухамi; сама велiч твая робiць iх такiмi ядавiтымi i падобнымi на мух.

Дружа мой, уцякай у свой зацiшак, туды, дзе вее свежы сiберны вецер. Не твая гэта доля - аганяцца ад мух.

Так сказаў Заратустра.

Пра цноту

Я люблю лес. У горадзе жыць блага: занадта багата палкiх людзей там.

Цi не лепей дацца ў рукi забойцу, чым у мару палкай жанчыне?

Вы толькi гляньце на гэтых мужчын: iх вочы кажуць, што яны не ведаюць нiчога лепшага на зямлi, чым спаць з жанчынай.

Бруд на дне душы ў iх; i бяда, калi толькi ў бруду гэтага ёсць яшчэ i дух.

О, калi б вы былi дасканалыя, прынамсi, гэтаксама, як звяры! Але звярам уласцiвая нявiннасць.

Хiба я заклiкаю забiваць свае пачуццi? Я заклiкаю да нявiннасцi пачуццяў.

Хiба да цноты я заклiкаю вас? У некаторых цнота - дабрадзейнасць, у многiх - амаль загана.

Яны, магчыма, i стрымлiваюцца, але сабака пачуццёвасцi зайздрослiва выглядвае з усiх iхнiх учынкаў.

Да вышыняў iх дабрадзейнасцi, аж да сферы духу, дзе пануе холад, гонiць iх гэтая жывёлiна, якая нясе з сабою варожасць.

I як вынаходлiва сабака пачуццёвасцi ўмее малiць за калiўца духу, калi яму адмоўлена ў целе!

Вы любiце трагедыi i ўсё, што кроiць вам сэрца, але я не давяраю вашаму сабаку.

У вас надта жорсткiя вочы: надта пажадлiва гледзiце вы на пакутнiкаў. Цi не пераапранулася пажадлiвасць ваша, якая называе сябе цяпер спагадлiвасцю?

I яшчэ такое параўнанне дам вам: многiя, што хацелi выгнаць свайго змушчальнiка, ператварылiся ў свiней.

Каму цнота заважае, таму яе не варта раiць: каб не сталася яна дарогаю ў апраметную, каб не ператварылася ў бруд i пахацiнства душы.

Няўжо я кажу пра нешта бруднае? А ўсё ж гэта - яшчэ не сама благое.

Той, хто спазнае, неахвотна iдзе ў ваду iсцiны не тады, калi яна брудная, а калi яна плыткая.

Сапраўды, ёсць цнатлiвыя да глыбiнi душы: яны паблажлiвыя i смяюцца вельмi ахвотна i весялей за вас.

Яны смяюцца i з цноты i пытаюцца: "Што такое цнота?

Цi не дурасць гэта? Але гэтая дурасць сама прыйшла да нас, а не мы да яе.

Вельмi гасцiнна прытулiлi мы гэтую госцю ў нашым сэрцы: цяпер яна жыве ў нас, хай застаецца колькi хоча!"

Так сказаў Заратустра.

Пра сябра

"Сам-насам з сабою, - думае адлюднiк, - гэта ўжо не адзiн, гэта ўжо зашмат. Заўсёды адзiн ды адзiн - гэта надоўга - два!"

"Я" i "Мяне" не знаюць меры ў гутарцы: як гэта вытрываць, калi б не было сябра?

Сябар адлюднiку - гэта заўсёды трэцi, гэта каранец, якi заважае гутарцы двух заглыбляцца.

Ах, як многа безданяў у адлюднiка. Вось чаму так палка прагне ён сябра i вышынi ягонай.

Нашая вера ў iншых выдае, у што б мы хацелi верыць у самiх сабе. Наша палкае жаданне здабыць сябра - гэта наш прадажнiк.

I часта праз каханне хочуць усяго толькi пераскочыць зайздрасць. I часта нападаюць i робяць сабе ворага толькi на тое, каб прыхаваць сваю слабасць.

"Будзь, прынамсi, маiм ворагам!" - кажа сапраўдная пачцiвасць, якая не адважваецца прасiць сяброўства.

Калi ты хочаш мець сябра, ты павiнен быць гатовы весцi за яго вайну; а каб весцi вайну, трэба ўмець быць ворагам.

У сваiм сябры трэба шанаваць яшчэ i ворага. Хiба можаш ты падысцi да свайго сябра, не падступiўшыся да яго?

Хай будзе твой сябар сама годным ворагам тваiм. Будзь сама блiзкi да сэрца ягонага, супрацiўляючыся яму.

Ты не хочаш перад сваiм сябрам насiць вопратку? Ты робiш гонар яму, паказваючыся такiм, якi ты ёсць? Але за гэта ён пасылае цябе к чорту!

Хто не маскуе сябе, той абурае: у вас аж столькi падстаў баяцца сваёй галiзны! Былi б вы багамi, тады вы саромелiся б сваёй вопраткi!

Не прыхарошвайся дзеля сябра, бо стралой i парывам да Звышчалавека маеш ты быць яму.

Цi глядзеў ты на сябра, калi ён спiць, каб убачыць, якi ён тады? Што такое твар твайго сябра? Гэта - сама твой твар, але ў грубым i недасканалым люстры.

Цi бачыў ты сябра свайго, калi ён спiць? Цi не спалохаўся ты яго выгляду? О, чалавек ёсць нешта такое, што трэба пераадолець.

Здагадвацца i ўмець маўчаць павiнен сябар: не ўсё ты павiнен хацець бачыць. Хай сон твой адкрые табе, што робiць твой сябар, калi чувае.



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать