Жанр: Философия » Фридрих Ницше » Так сказаў Заратустра (на белорусском языке) (страница 9)


Ты ўздымаешся над iмi; але чым вышэй падымаешся, тым меншым ты здаешся воку зайздрасцi. А найбольш ненавiдзяць таго, хто здольны лётаць.

"Як вы хочаце быць справядлiвымi са мною? - павiнен ты казаць. - Я выбiраю вашую несправядлiвасць як вызначаную мне долю".

Несправядлiвасць i бруд кiдаюць услед самотнаму; але, браце мой, калi ты хочаш зрабiцца зоркай, ты ўсё адно павiнен свяцiць iм!

Сцеражыся добрых i праведных! Яны любяць крыжаваць кожнага, хто сам стварыў сабе цноту: яны ненавiдзяць самотнага.

Пiльнуйся таксама святой прастаты! Усё, што не проста, не святое ў яе; яна таксама любiць бавiцца з агнём - з агнём вогнiшча.

Бойся прыпадкаў сваёй любовi! Надта ж бо хутка падае самотнiк руку першаму лепшаму.

Сяму-таму-iншаму ты павiнен падаць не руку, а толькi даць лапу; i я хачу, каб у лапы тваёй былi пазуры.

Але сама небяспечны вораг, якi табе можа заступiць дарогу, - гэта ты сам: ты сам цiкуеш сябе ў пячорах i ў нетрах.

Самотны, ты ў дарозе да самога сябе! I на гэтай дарозе ты абмiнаеш самога сябе i пройдзеш мiма сямi сваiх засмуцiцеляў!

Ты будзеш сам сабе ерэтыком, i чарадзеем, i вешчуном, i шаленцам, i скептыкам, i бязбожнiкам, i лiхадзеем.

Ты мусiш спалiць сябе ў сваiм полымi, як бы iнакш ты хацеў абнавiцца, не абярнуўшыся спачатку ў попел!

Самотны, ты iдзеш дарогаю стваральнiка: ты хочаш стварыць Бога з тых сямi змусцiцеляў-засмуцiцеляў!

Самотнiк, ты iдзеш дарогаю любовi: самога сябе ты любiш i таму пагарджаеш сабою, як пагарджаюць толькi тыя, што любяць.

Тварыць хоча хай, хто любiць, бо ён пагарджае! Што ведае пра любоў той, хто не пагарджаў тым, што любiў!

З любоўю iдзi ў асамотненне i з прагаю стварання, браце мой; i толькi потым пакульгае за табою справядлiвасць.

З маiмi слязьмi iдзi ў сваё асамотненне, браце мой. Я люблю таго, хто iмкнецца тварыць звыш сябе i таму гiне..."

Так сказаў Заратустра.

Пра старых i маладых жанчын

Чаго ты так баязлiва крадзешся ўпоцемках, Заратустра? I што так старанна хаваеш пад палою?

Цi не скарб якi, падараваны табе? Цi не дзiця, якое толькi што нарадзiлася? А можа, ты спрыяцелiўся з лiхадзеямi i цяпер ходзiш дарогамi злодзеяў?"

"Сапраўды, браце мой, - адказваў Заратустра, - тое, што нясу я, гэта скарб, падораны мне: адна маленькая праўда, вось што нясу я. Аднак яна з норавам i капрызная, як дзiця; i калi б я не зацiскаў ёй рот, яна крычала б бесперастанку.

Калi сёння, на захадзе сонца, iшоў я адзiн сваёй дарогаю, сустрэлася мне старэнькая бабка, i як бы звярнулася да маёй душы:

"Пра многае сказаў Заратустра i нам, жанчынам, але нiчога не сказаў пра жанчыну".

I я запярэчыў ёй: "Гаварыць пра жанчыну трэба толькi з мужчынамi".

"Пагавары пра жанчын i са мною, - папрасiла яна, - я ўжо даволi старая, так што адразу i забудуся".

I я ўмiлажалiўся са старое i сказаў так: усё ў жанчыне - загадка, i на ўсё ёсць адна разгадка: гэта - цяжарнасць.

Мужчына ў жанчыны - сродак; мэта заўсёды - дзiця. А што такое жанчына ў мужчыны?

Дзвюх рэчаў хоча сапраўдны мужчына - небяспекi i гульнi. I таму патрэбна яму жанчына, як сама небяспечная цацка.

Мужчына павiнен быць выхаваны для вайны, а жанчына - для выхавання воiна; усё астатняе - лухта.

Занадта салодкiх пладоў не любiць воiн. Таму i любiць ён жанчыну: горкая яму найсаладзейшая жанчына.

Жанчына разумее дзяцей лепш за мужчыну, але ў мужчыне дзiцячага больш, чым у жанчыне. У сапраўдным мужчыне заўсёды схавана дзiця: яно хоча гульнi. Знайдзiце ж у iм дзiця, жанчыны!

Хай будзе жанчына цацкаю, чыстай i далiкатнай, быццам каштоўны камень, якi блiшчыць цнотамi яшчэ не створанага свету.

Хай зорны прамень ззяе ў каханнi яе! Хай будзе яе недзеяй: "О,калi б мне нарадзiць Звышчалавека!"

Хай адвага будзе ў каханнi яе! Каханнем яна пераможа таго, хто ёй страшны.

Хай будзе гонар у каханнi яе! Зрэшты, жанчына мала глуздуе ў гонары. Хай жа стане гонарам яе - кахаць заўсёды мацней, чым кахаюць яе, i ў каханнi нiколi не быць другою.

Мужчына хай асцерагаецца жанчыны, калi яна кахае: яна iдзе на любыя ахвяры, усё астатняе ў яе не мае вартасцi.

Мужчына хай асцерагаецца жанчыны, калi яна ненавiдзiць: бо мужчына ў глыбiнi душы толькi злы, а жанчына - пахiбная.

Каго ненавiдзiць жанчына найбольш? - Так гаварыла жалеза магнiту: "Найбольш за ўсё я цябе ненавiджу за тое, што ты цягнеш, не маючы даволi сiлы, каб прыцягнуць".

Шчасце мужчыны завуць "Я хачу". Шчасце жанчыны - "Ён хоча".

"Бач, толькi цяпер свет удасканалiўся" - так думае кожная жанчына, калi ўпакорваецца з поўнiцы свайго кахання.

Упакорвацца павiнна жанчына i здабыць глыбiню для сваёй паверхнi. Бо паверхня яе - неспакойнае, бурлiвае шумавiнне на плыткай вадзе.

Наадварот, мужчына глыбокi, яго бурлiвы паток бушуе ў падземных пячорах: жанчына толькi ледзь-ледзь адчувае, але не спасцiгае яго сiлы". I тут запярэчыла мне жанчына: "Шмат вабнага сказаў нам Заратустра, асаблiва занадта маладым.

Дзiўна, Заратустра мала ведае жанчын, аднак мае рацыю, што да iх! Цi не таму гэта, што ў жанчыны няма нiчога немагчымага?

А цяпер прымi як падзяку адну маленькую праўду! Я ўжо залiшне старая на яе!

Угарнi яе i затулi ёй рот, а то яна крычыць занадта голасна, гэтая малая праўдка".

"Давай мне, жанчына, тваю маленькую праўду!" - сказаў я.

I сказала старая жанчына:

"Iдзеш да жанчыны? Не забудзь плётку!"

Так сказаў Заратустра.

Пра ўкус

змяi

Аднаго разу ў спякотны дзень заснуў Заратустра пад смакоўнiцаю i прыкрыў рукамi свой твар. I вось - падпаўзла змяя i ўкусiла яго ў шыю так, што ён крыкнуў ад болю. Прыняўшы рукi з твару, ён убачыў гадзюку; а тая пазнала Заратустравы вочы, сумелася i ўжо хацела была адпаўзцi.

"О не, - сказаў Заратустра, - яшчэ не аддзячыўся я! Ты ў час разбудзiла мяне, яшчэ далёкая ў мяне дарога".

"Твая дарога ўжо недалёкая, - журботна адказала гадзюка, - мой яд забiвае".

Заратустра ўсмiхнуўся. "Калi гэта памiраў дракон ад змяiнага яду? запярэчыў ён. - Вазьмi ж свой яд назад! Ты не такая багатая, каб дарыць яго мне". Тады гадзюка абвiлася вакол яго шыi i злiзала з раны яго.

Калi Заратустра расказаў пра гэта сваiм вучням, яны спыталiся ў яго: "У чым жа, Заратустра, мараль тваёй прыпавесцi?" I ён адказаў так:

"Разбуральнiкам маралi называюць мяне добрыя i праведныя: мараль прыпавесцi амаральная.

Менавiта ж: калi ёсць у вас вораг, не плацiце яму за зло дабром, бо гэта пасаромiць яго. Наадварот, пераканайце яго, што ён зрабiў вам дабро.

Лепей разгневацца, чым пасаромiць! I мне не падабаецца, што вы гатовыя дабраслаўляць, калi вас праклiнаюць. Лепей таксама крыху праклясцi!

I калi спасцiгла вас вялiкая несправядлiвасць, адразу адкажыце на яе пяццю малымi! Агiдна глядзець на таго, каго несправядлiвасць гняце толькi аднаго.

Цi вядома вам гэта? Падзеленая несправядлiвасць - гэта ўжо напалову справядлiвасць. I толькi той павiнен браць на сябе несправядлiвасць, каму па сiле несцi яе!

Маленькая помста больш чалавечная за нiякую. I калi кара не ёсць гонар i права злачынцы, дык навошта мне вашыя кары.

Больш высакародна прызнаць сябе несправядлiвым, чым чапляцца за права сваё, асаблiва калi твая праўда. Але на гэта трэба быць удосталь багатым.

Я не трываю вашай халоднай справядлiвасцi, i з вачэй суддзi вашага глядзiць кат з халодным мечам.

Скажыце, дзе знайсцi тую справядлiвасць, якая ёсць любоў з вiдушчымi вачыма?

Дык прыдумайце ж мне такую любоў, якая панясе не толькi любую кару, але i любую вiну!

Прыдумайце такую справядлiвасць, якая апраўдвае ўсiх, акрамя тых, што судзяць!

Хочаце пачуць яшчэ i гэта? У таго, хто хоча быць справядлiвым да канца, нават хлусня ператвараецца ў чалавекалюбнасць.

Як жа зрабiцца справядлiвым да канца? Як аддаць кожнаму сваё! Мне будзе даволi, калi я аддам кожнаму маё.

I нарэшце, братове мае: сцеражыцеся ўнесправядлiвiцца да пустэльнiка! Як пустэльнiк можа забыць? Чым адплацiць!

Пустэльнiк падобны да глыбокага калодзежа. Лёгка кiнуць камень у яго; але пойдзе ён на дно - i скажыце, хто з вас захоча дастаць яго зноў?

Сцеражыцеся скрыўдзiць пустэльнiка. Але калi вы ўсё ж зрабiлi гэта, тады яшчэ i забiце яго!"

Так сказаў Заратустра.

Пра дзiця i шлюб

Ёсць у мяне адно пытанне да цябе - i толькi да цябе, браце мой; як марскi лот, кiдаю яго ў тваю душу, каб даведацца, наколькi яна глыбокая.

Ты малады i марыш пра дзiця i шлюб. I я пытаюся ў цябе: цi той ты чалавек, каб мець права жадаць дзiцяцi?

Цi пераможца ты, цi адолеў самога сябе, цi кiруеш сваiмi пачуццямi, цi гаспадар сваiх цнотаў? Пра гэта пытаюся я ў цябе.

Цi, можа, у жаданнi тваiм гаворыць жывёла i патрэба тваёй прыроды? Альбо адзiнота? Альбо незадаволенасць сабою?

Я хачу, каб твае перамога i свабода прагнулi дзiцяцi. Жывыя помнiкi павiнен ты ставiць перамозе i вызваленню.

Ты павiнен будаваць вышэй i далей за сябе. Але перш збудуй самога сябе, суразмерна з душою i целам.

Расцi ж не толькi ўшыркi, але i ўгору. Сад сужэнства хай дапаможа табе ў гэтым!

Ты павiнен стварыць вышэйшае цела, першы рух, кола, якое круцiцца самое: ты павiнен стварыць творцу.

Шлюб: я так называю волю дваiх стварыць адзiнае, большае за тых, што стварылi яго. Шлюб - гэта ўзаемная павага i шанаванне гэтай волi.

Хай гэта будзе сэнсам i праўдай твайго шлюбу. Але тое, што лiчыцца шлюбам у процьмы людзей, ва ўсiх гэтых лiшнiх, - як гэта назваць?

О, гэтая ўбогасць душы на дваiх! О, гэты бруд душы на дваiх! Гэта нiкчэмная асалода - быць удваiх!

Усё гэта называюць яны шлюбам i кажуць, што саюзы iх змацаваныя на нябёсах.

Тады не трэба мне такога неба лiшнiх людзей! Не, не трэба мне гэтых аблытаных нябеснаю сеткаю жывёл!

Хай не наблiзiцца да мяне гэты Бог, якi, крэкчучы, дабраслаўляе тое, чаго не злучаў!

Але не смейцеся з такiх шлюбаў! Якое дзiця не мае прычыны паплакаць па бацьках сваiх!

Годнасным здаваўся мне чалавек, сталым для сэнсу зямлi; але як убачыў ягоную жонку, свет здаўся мне домам вар'ятаў.

Так, я хацеў, каб зямля дрыжала ў курчах, калi паруюцца святы i гусь.

Адзiн выйшаў шукаць праўды як герой, а здабыў у рукi маленькую разубраную хлусню. I называе гэта сваiм шлюбам.

Другi быў амаль недаступны i выбiраў прыдзiрлiва. Але раз i назаўсёды сапсаваў сваё таварыства - i называе гэта сваiм шлюбам.

А той шукаў служанку з цнотамi анёла. I вось - сам зрабiўся служанкаю ў жанчыны, i цяпер яму самому трэба стаць анёлам.



Ознакомительный фрагмент книги закончился.
Чтобы прочитать или скачать всю книгу
перейдите на сайт партнера.

Перейти и скачать